Информация
Родился: 27 ноября 1891 г., Минск
Умер: 12 мая 1917 г., Ялта

Максім Багдановіч нарадзіўся 9 снежня 1891 года ў Менску. Бацька, Адам, вядомы этнограф, фалькларыст, мовазнавец, скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю і працаваў у Менску загадчыкам 1-ай гарадской пачатковай навучальні. Маці, Марыя, настаўніца па адукацыі, вучылася ў Земскай настаўніцкай школе ў Пецярбурзе.

Летам 1892 года сям'я Багдановічаў пераязджае ў Гародню. Тут побач з маці і братамі Вадзімам і Лёвам прайшлі самыя шчаслівыя гады дзяцінства Максіма. У 1896 годзе ва ўзросце 27 гадоў памірае маці, бацьку пераводзяць у Ніжні Ноўгарад, дзе ў 1902 годзе Максім паступае ў першы клас Ніжагародскай мужчынскай гімназіі.

Матэрыялы газет «Наша Ніва», «Наша доля», з якімі ён знаёміцца падчас вучобы ў гімназіі, значна паўплывалі на фарміраванне яго светапогляду. Ён вывучае беларускую мову і літаратуру. Ідэя нацыянальнага адраджэння Бацькаўшчыны становіцца мэтай і сэнсам яго жыцця.

Творчая дзейнасць Максіма Багдановіча пачалася з публікацыі алегарычнага апавядання «Музыка» (Наша Ніва. 1907. № 24. 6 ліп.). У 1908 годзе былі напісаны і апублікаваны першыя вершы «Прыйдзе вясна», «Над магілай», у якіх аўтар пазначыў месца напісання: Ніжні Ноўгарад.

У чэрвені 1908 года сям'я Багдановічаў пераязджае на пастаяннае месца жыхарства ў Яраслаўль. Максіма пераводзяць у шосты клас яраслаўскай гімназіі. Вясной 1909 года юнак захварэў на сухоты. Нягледзячы на хваробу, гады вучобы ў гімназіі былі плённымі ў творчасці. Газета «Наша Ніва» перыядычна друкуе вершы, у газеце «Голос» публікуюцца нататкі, рэцэнзіі, фельетоны, крытычныя артыкулы.

У 1909 годзе Адам Багдановіч адвозіць сына на лячэнне ў Крым. Захапленне паўднёвым краем, новае кола знаёмых, закаханасць - усё гэта паўплывала на рамантычны настрой юнака. Здароўе яго паляпшаецца.

З творамі М.Багдановіча ў 1909 годзе знаёміцца С.Палуян, супрацоўнік газеты «Наша Ніва». Вядомы публіцыст, крытык адыграў значную ролю ў творчым лёсе маладога паэта. Члены рэдкалегіі газеты «Наша Ніва» лічылі вершы М.Багдановіча «дэкадэнскімі», і яны захоўваліся ў архіве рэдакцыі. С.Палуян настаяў на іх публікацыі пасля пэўнага рэдагавання.

У 1911 годзе М.Багдановіч заканчвае гімназію і наведвае Вільню. Ён знаёміцца з братамі І. і А.Луцкевічамі, В.Ластоўскім, Б.І.Эпімах-Шыпілам. Па прапанове Луцкевічаў паэт жыве ў фальварку Ракуцёўшчына (непадалёк ад Маладэчна, дзе цяпер працуе філіял музея), што належаў іх роднаму дзядзьку В.Лычкоўскаму. Тут ён працуе над цыкламі вершаў «Старая Беларусь», «Места», піша вершы, якія складуць цыклы «Згукі Бацькаўшчыны», «Старая спадчына», а таксама стварае вершаваныя апавяданні «У вёсцы», «Вераніка».

У Вільні ў 1914 годзе ў друкарні Марціна Кухты выходзіць зборнік «Вянок» (на тытуле пазначаны 1913 год) з прысвячэннем: «Вянок на магілу С.А.Палуяну († 8 красавіка 1910 г.)».

М.Багдановіч здолеў падняць сапраўдныя «глыбы» ў даследаванні гісторыі беларускага пісьменства і закласці «трывалыя асновы нацыянальнага літаратуразнаўства і крытыкі» (М.Мушынскі). Першыя артыкулы «Глыбы і слаі» [1911], «За тры гады» [1913] даследчыкі лічаць пачаткам беларускай прафесійнай крытыкі. М.Багдановіч стварае «навукова абгрунтаваную канцэпцыю развіцця беларускай літаратуры ад старажытнасці да пачатку ХХ ст.» («Кароткая гісторыя беларускай пісьменнасці да ХVІ сталецця» [1911], «За сто лет» [1911], «Новый период в истории белорусской литературы» [1912], «Белорусское возрождение» [1914]). У беларускім і расейскім друку перыядычна з'яўляюцца публіцыстычныя артыкулы, у якіх разглядаюцца пытанні гісторыі літаратуры, нацыянальныя і грамадска-палітычныя праблемы («Новая интеллигенция» [1914], «О гуманизме и неосмотрительности» [1914], «Белорусы» [1915]).

У 1914 годзе М.Багдановіча прымаюць у правадзейныя члены «Всероссийского общества деятелей периодической печати и литературы».

У 1915 годзе М.Багдановіч зноў едзе на лячэнне ў Крым. Цяжкая хвароба ўсё часцей прыпыняла творчую працу. Пераадольваючы яе жорсткія праявы, паэт піша паэму «Максім і Магдалена», цыкл «На ціхім Дунаі» (вершы беларускага складу) і іншыя творы.

У верасні 1916 года М.Багдановіч заканчвае Яраслаўскі юрыдычны ліцэй. Ён марыць аб выданні новых паэтычных зборнікаў: «Маладзік» або «Красавік», «Пярсцёнак», «Шыпшына», «Полынь-трава». Але здзейсніць свае творчыя планы М.Багдановіч, на жаль, не паспеў.

Восенню 1916 года ён пераязджае ў Менск і пачынае працаваць сакратаром у харчовым камітэце менскай губернскай управы. Жыве на кватэры З.Бядулі, дзе сустракаецца з А.Смолічам, З.Верас, Ядвігіным Ш., А.Паўловічам, У.Галубком... Асяроддзе аднадумцаў натхняе паэта на творчасць і актыўную грамадскую дзейнасць. У гэты перыяд ён піша вершы «Страцім-лебедзь», «Пагоня».

У канцы лютага 1917 года М.Багдановіч назаўсёды пакідае Менск. 25 траўня 1917 года ў Ялце ў творчым росквіце абарвалася жыццё таленавітага мастака, які за кароткі час «здолеў здзейсніць свой найвялікшы творчы подзвіг - стаць побач з Янкам Купалам і Якубам Коласам першай зоркай на небасхіле нацыянальнай паэзіі, аказацца ў цэнтры літаратурна-грамадскага руху Беларусі пачатку ХХ ст., быць лепшым крытыкам і гісторыкам роднай літаратуры, яе класікам, выдатным перакладчыкам і празаікам» (А.Лойка).

Данный автор будет объединён с http://www.livelib.ru/author/300777, как более ранним и более полным с точки зрения информации.

Библиография

Издания на белорусском языке

1. Вянок . Вiльня: друкарня Марцiна Кухты, 1913 г.
2. Творы. Мiнск, 1926-1927 гг. В двух томах.
3. Выбраныя творы. Miнск, 1946 г.
4. Творы. Miнск, 1957 г.
5. Вянок . Нью Ёрк - Мюнхэн: Бацькаўшчына, 1960 г.
6. Збор твораў. Т. 1-2. Мінск, 1968.
7. Вянок . Факсiмiльнае выданне. Мiнск, 1981 г.
8. Поўны збор твораў. У 3 т. Мінск, 1992-1995.
9. Выбраныя творы . Мiнск: Беларускi Кнiгазбор, 1996 г. Серия: Беларускі кнігазбор. ISBN: 985-6318-07-6

Издания на русском языке

1. Избранные произведения . М.: Государственное издательство художественной литературы, 1953 г.

Аудиокниги

1. Вершы . Минск: ІП Алесь Калоша, BelTonMedia, 2006, 2008 г.

Книги о Максиме Богдановиче

1. Шлях паэта: Зборнік успамінаў і біяграфічных матэрыялаў пра М. Багдановіча / склад. Н.Б. Ватацы. – Мінск: Мастацкая літаратура, 1975.
2. Леанід Зубараў. Максім Багдановіч . Мiнск: Універсітэцкае, 1989 г. ISBN: 5-7855-0281-Х
3. В.Я.Ляшук. Вывучэнне творчасці Максіма Багдановіча ў школе . Мiнск: Аверсэв, 2008 г. Серия: Библиотека учителя. ISBN: 978-985-509-543-0Вянок

Интересные факты

Творчую спадчыну Максіма Багдановіча вывучае адна з галін беларускай літаратурнай навукі - багдановічазнаўства.

У Мінску, у Траецкім прадмесці, знаходзіцца Літаратурны музей Максіма Багдановіча. Акрамя таго, у Мінску захаваўся дом, у якім жыў Максім Багдановіч (вуліца Рабкораўская, 19), дзе размешчаны філіял яго музея - "Беларуская хатка" (па назве літаратурнага гуртка, ў якім удзельнічаў паэт). Другі філіял музея - "Фальварак Ракуцёўшчына", дзе гасцяваў паэт і напісаў два цыклы вершаў, знаходзіцца ў Маладзечанскім раёне Мінскай вобласці. Музей класіка беларускай літаратуры працуе ў Гродне, а таксама ў Яраслаўлі.

Помнікі Максіму Багдановічу ёсць у Мінску, а таксама ў Расіі (у Яраслаўлі і ў Маскве) і на Украіне (на магіле паэта ў Ялце і ў Місхоры). Мемарыяльныя дошкі ў яго гонар усталяваны ў Мінску, Гродне, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце, вёсках Вяззе Асіповіцкага раёна Магілёўскай вобласці і Ракуцёўшчына Маладзечанскага раёна Мінскай вобласці.

Памяць Максіма Багдановіча ўшанавана ў назве буйной вуліцы Мінска. Вуліцы яго імя ёсць таксама ў Брэсце, Віцебску, Гомелі, Гродне, Магілёве, Ніжнім Ноўгарадзе, Яраслаўлі, Ялце і іншых населеных пунктах. Яго імя нададзена школам і бібліятэкам у многіх гарадах Беларусі.

Аб жыцці і творчасці Максіма Багдановіча зняты тры кінафільмы і адзін відэафільм. Яго лёсу прысвечаны поп-опера Ігара Паліводы (лібрэта складзена Леанідам Пранчаком) "Максім" і аперэта Юрыя Семянякі на лібрэта Алеся Бачылы "Зорка Венера".

На вершы Максіма Багдановіча запісваліся музычныя творы. Некаторыя з іх сталі народнымі песнямі ("Лявоніха", "Зорка Венера", "Слуцкія ткачыхі").

Знакаміты вакальна-інструментальны ансабль "Песняры" неаднойчы звяртаўся да творчасці паэта. Асобна трэба адзначыць праграму "Вянок", поўнасцю складзеную з песень на вершы Максіма Багдановіча, музыку да яе напісалі Уладзімір Мулявін і Ігар Лучанок.

Творы беларускага паэта перакладзены на два дзесяткі моў свету (сярод іх такія распаўсюджаныя, як англійская, іспанская, нямецкая, польская, руская, украінская, французская), публікаваліся ў Вялікабрытаніі, Германіі, Польшчы, Расіі, Францыі, Югаславіі і іншых краінах. Яшчэ ў 1950-я гг. у Маскве быў выдадзены вялікі зборнік яго выбраных твораў на рускай мове ў перакладзе лепшых савецкіх паэтаў.

100-годдзе з дня нараджэння класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча было адзначана ў каляндарным спісе ЮНЕСКА "Гадавіны выдатных асоб і падзей" на 1991 г.